07.05.2024
Агульнаўніверсітэцкая дыктоўка па-беларуску на ФМБК
6 мая факультэт міжнародных бізнес-камунікацый запрасіў усіх прыхільнікаў роднай мовы і нацыянальнай гісторыі на “Агульнаўніверсітэцкую дыктоўку па-беларуску”. Арганізатарам мерапрыемства ды і распачынальнікам такой традыцыі стала кафедра беларускай і рускай моў.
Звычайна “Агульнаўніверсітэцкая дыктоўка” праводзіцца ў БДЭУ ў лютым падчас святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Але гэты год знакавы для нашай краіны, багаты на розныя падзеі і знамянальныя даты. Менавіта сёлета адзначаецца 80-годдзе вызвалення Беларусі. “Калі б не было вялікай перамогі, не было б і свята роднай мовы. Менавіта таму мы аб’ядналі дзве падзеі ў адну і, зразумела, што тэкст дыктоўкі прысвечаны падзеям вайны. Канкрэтна – аперацыі “Баграціён”, дзякуючы якой Беларусь была вызвалена ад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў,”—патлумачыла загадчыца кафедры беларускай і рускай моў Губская Вольга Мікалаеўна.
Па традыцыі, тэкст дыктоўкі чытае ганаровы госць – выбітны дзеяч культуры. Сёння такім госцем стаў Руслан Чарнецкі - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. М. Горкага, дэпутат VIII склікання, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.
Афіцыйную частку распачаў прарэктар па выхаваўчай працы Сяргей Іванавiч Скрыба. Ён прывітаў гасцей мерапрыемства, выказаў падзяку дэпутату і заслужанаму артысту за тое, што ён знайшоў час для сустрэчы ў БДЭУ, і пажадаў паспяхова напісаць дыктоўку.
Дэкан ФМБК Юлія Аляксандраўна Шаўрук адзначыла важнасць і знакавасць гэтага мерапрыемства, асабліва ў гэтым годзе. “Памяць пра герояў і ахвяраў вайны павінна заўсёды заставацца ў нашых сэрцах, -- адзначыла дэкан факультэта і пажадала студэнтам мірнага неба над галавой!”
Не абышлося і без музычнага падарунка – гучала прыемная цымбальная версія вядомай усім песні “Смуглянка” (муз. А. Новікава, словы Я. Шведава).
Руслан Чарнецкі пачаў сваю “настаўніцку працу” з выдатных радкоў Пімена Панчанкі :
Навекі слава тым, што ў полі ратным
Загінулі за родныя палі,
За наш народ, за лёс народаў братніх,
За дзень наступны усяе зямлі.
Верш перайшоў у мінуту маўчання.
Цікава было слухаць, як чытае тэкст акцёр Руслан Чарнецкі – яго голас, расстаноўка акцэнтаў, інтанацыя нагадвалі, што перад намі пафесіянал сцэны, які мог бы стаць і добрым выкладчыкам. У крайнім выпадку, кантакт са студэнтамі быў знойдзены імгненна.
Пасля напісання тэкста студэнтаў чакала гутарка з госцем. Руслан Чарнецкі распавёў, чаму пачаў кар’еру палітыка і грамадскага дзеяча: “Мне хочацца дапамагчы вам, гледачам, стаць трошкі лепшымі, чым вы ёсць. Безумоўна, вы ўсе добрыя, без выключэння, але калі чалавек штодзень становіцца крышачку лепшым – ці не гэта шчасце? Зусім нядаўна я зразумеў, што галоўная мэта майго жыцця – гэта дапамагаць, рознымі спосабамі, рознымі інструментамі. Дэпутацкая пасада якраз гэтаму спрыяе. Дэпутат дапамагае людзям жыць. Ён не толькі стварае законы і іх прымае, але і робіць шмат добрага для людзей. Для мяне гэта выдатная магчымасць дапамагаць людзям у жыцці не толькі пасродках сцэны, слоў выбітных аўтараў, геніяльных філосафаў, як класічных, так і сучасных, але і іншымі інструментамі Менавіта таму я абраў такі напрамак. Я лічу, што ў мяне атрымаецца, ды і ўжо атрымліваецца.”
Наш ганаровы госць быў шчырым і адкрытым са студэнтамі, распавеў, што ўсё жыццё займаецца спортам, вельмі задаволены сваёй працай і з’яўляецца абсалютна шчаслівым чалавекам.
Ну і канечне ж, была фота і аўтограф-сесія з вялікай чаргой прыхільнікаў творчасці акцёра.
Тел.: (+375 17) 209-88-16,
факс: (+375 17) 368-01-60
ПРИЕМНАЯ КОМИССИЯ
Тел.: (+375 17) 209-88-99