Музейная экспазіцыя гісторыі БДЭУ
Стварэнне музейнай экспазіцыі гісторыі ўніверсітэта пачалося ў 1987 годзе. Экспазіцыя захоўвае, прэзентуе, папулярызуе культурную і навуковую спадчыну ўніверсітэта і яго традыцыі, з'яўляецца базай для вучэбнай і навукова-даследчай работы студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта. Асноўны фонд экспазіцыі налічвае 1865 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны фонд - 3254 адзінкі захоўвання, фотаархіў - звыш 5000 фатаграфій. Экспазіцыя ўвесь час папаўняецца новымі экспанатамі, якія перадаюць на захоўванне супрацоўнікі і выпускнікі ўніверсітэта.
У памяшканні музейнай экспазіцыі гісторыі БДЭУ шырока праводзіцца культурна-адукацыйная і асветніцкая работа: аглядныя, тэматычныя і прафарыентацыйныя экскурсіі, лекцыі, культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы, сустрэчы студэнцкай моладзі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы, воінамі-інтэрнацыяналістамі. Экспазіцыю наведваюць замежныя госці ўніверсітэта з розных краін і ВНУ свету.
Для студэнтаў 1 курса распрацаваны спецыяльныя экскурсіі. Студэнты знаёмяцца з гістарычным мінулым універсітэта, з прыкладамі з жыцця і дзейнасці старэйшага пакалення. Гэтыя экскурсіі маюць вялікае значэнне для першакурснікаў, садзейнічаюць іх лепшай адаптацыі ў новым універсітэцкім асяроддзі, матывуюць да атрымання паспяховых вынікаў у вучэбнай і навукова-практычнай дзейнасці, фарміруюць пачуццё дачынення да гістарычнай спадчыны ўніверсітэта, гонару і адказнасці за статус і прэстыж універсітэта сёння.
Музейная экспазіцыя гісторыі БДЭУ - гэта візітная картка, рэклама універсітэта, месца, дзе сустракаюцца мінулае, сучаснасць і будучыня. У ёй паказана багатая і насычаная падзеямі гісторыя, якая адлюстроўвае атмасферу эпох, дзейнасць многіх выдатных людзей свайго часу. Тут можна ўбачыць гісторыю развіцця ўніверсітэта ад з'яўлення першых факультэтаў эканамічнага профілю на тэрыторыі Беларусі да сучаснай структуры ўніверсітэта, усіх напрамкаў адукацыйнай, навукова-даследчай дзейнасці, міжнароднага супрацоўніцтва.
Экспазіцыя адлюстроўвае ўнікальныя асаблівасці ўніверсітэта, месца БДЭУ у сістэме вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, дэманструе высокія дасягненні людзей, звязаных лёсам з універсітэтам, гісторыю розных перыядаў, пачынаючы з 1933 года, якую набыў універсітэт за гады свайго існавання.




















Тэл.: (+375 17) 209-88-16,
ПРЫЁМНАЯ КАМІСІЯ
Тэл.: (+375 17) 209-88-99