Памятка ўдзельніку цэнтралізаванага тэсціравання – 2026

1. Агульныя палажэнні
1.1. Абітурыент, зарэгістраваны для ўдзелу ў цэнтралізаваным экзамене (далей – ЦЭ), які праводзіцца ў год праходжання цэнтралізаванага тэсціравання (далей – ЦТ), па двух вучэбных прадметах, мае права зарэгістравацца для праходжання ЦТ не больш чым па адным іншым вучэбным прадмеце ўступнага іспыту; абітурыент, зарэгістраваны для ўдзелу ў ЦЭ, які праводзіцца ў год праходжання ЦТ, па адным вучэбным прадмеце, мае права зарэгістравацца для праходжання ЦТ не больш чым па двух іншых вучэбных прадметах уступнага іспыту;
абітурыенты, не зарэгістраваныя для ўдзелу ў ЦЭ, які праводзіцца ў год праходжання ЦТ, маюць права зарэгістравацца для праходжання ЦТ не больш чым па трох вучэбных прадметах уступных іспытаў.
1.2. Пасля заканчэння рэгістрацыі і пацвярджэння факта аплаты прыёму і афармлення дакументаў для ўдзелу ў ЦТ у парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь, абітурыенту выдаецца пропуск. Пропуск для ўдзелу ў ЦТ лічыцца зарэгістраваным, калі на ім ёсць пячатка, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і ўказаны рэгістрацыйны нумар. У выпадку страты пропуска выдаецца дублікат.
Абітурыент мае права здаць пропуск або абмяняць яго на пропуск па іншым вучэбным прадмеце да заканчэння тэрміну рэгістрацыі.
1.3. Абітурыент, які не з’явіўся на ЦТ або быў вызвалены падчас правядзення ЦТ ад удзелу ў ім па ўважлівых прычынах (захворванне або іншыя абставіны, якія не залежаць ад абітурыента, пацверджаныя дакументальна), праходзіць яго ў рэзервовыя дні, папярэдне перарэгістраваўшыся ва ўстаноўлены перыяд у адным з пунктаў, якія забяспечваюць рэгістрацыю для ўдзелу ў ЦТ у рэзервовыя дні (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, міждзяржаўная адукацыйная ўстанова вышэйшай адукацыі «Беларуска-Расійскі ўніверсітэт», УА «Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт», УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт», УА «Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В. Сухога»).
1.4. Абітурыенту пры выкананні педагагічнага тэста па вучэбных прадметах «Хімія», «Фізіка» дазваляецца выкарыстанне простага аднарадковага калькулятара, з дапамогай якога можна выконваць толькі арыфметычныя дзеянні (складанне, адніманне, дзяленне, множанне, здабыванне квадратнага кораня з ліку), аперацыі з працэнтамі, вылічэнне адваротнай велічыні, аперацыю змены знака, аперацыі з адной ячэйкай памяці.
Абітурыенту пры выкананні педагагічнага тэста па вучэбным прадмеце «Хімія» дазваляецца карыстацца табліцамі: «Перыядычная сістэма хімічных элементаў Д.І. Мендзялеева» (паўдоўгаперыядны варыянт), «Растваральнасць асноў, кіслот і солей у вадзе» і «Рад актыўнасці металаў». Табліцы прыкладаюцца да педагагічнага тэста па вучэбным прадмеце.
1.5. Абітурыенту, які ўдзельнічае ў ЦТ, неабходна прытрымлівацца дзелавога стылю адзення.
1.6. Абітурыент абавязаны прыбыць у пункт правядзення тэсціравання не пазней чым за 30 мінут да пачатку ЦТ, маючы пры сабе запоўнены і зарэгістраваны пропуск, дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, ідэнтыфікацыйную картку, пасведчанне на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца), або даведку, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, які сведчыць асобу, ручку (гелевую або капілярную) з чарнілам чорнага колеру, калькулятар (на ЦТ толькі па хіміі і фізіцы). Асоба, якая раней не была зарэгістравана або якая не мае пры сабе дакумента, які сведчыць асобу, да праходжання ЦТ не дапускаецца.
Абітурыент, які прыбыў на ЦТ пасля распячатвання пакета з педагагічнымі тэстамі, у аўдыторыю не дапускаецца.
1.7. Пры атрыманні экзаменацыйных матэрыялаў абітурыент абавязаны пераканацца ў адпаведнасці нумара варыянта бланка адказаў нумару варыянта педагагічнага тэста. Абітурыент забяспечвае захаванасць экзаменацыйных матэрыялаў з моманту атрымання да перадачы арганізатарам. Выкарыстанне бланкаў адказаў для рабочых (чарнавых) запісаў не дапускаецца.
Абітурыент запісвае нумар бланка адказаў у пропуск.
Па заканчэнні часу ЦТ абітурыент здае экзаменацыйныя матэрыялы і рабочыя запісы.
Абітурыент, які завяршыў выкананне педагагічнага тэста раней вызначанага тэрміну, можа пакінуць аўдыторыю. Датэрміновая здача экзаменацыйных матэрыялаў спыняецца за 15 мінут да заканчэння часу, адведзенага на выкананне педагагічнага тэста. Адказны арганізатар робіць у пропуску абітурыента, які прайшоў ЦТ, адзнаку «Тэсціраванне прайшоў».
1.8. Абітурыенту ЗАБАРАНЯЕЦЦА:
праносіць, а таксама выкарыстоўваць у аўдыторыях, дзе праводзіцца ЦТ, любыя прадметы, акрамя дакумента, які сведчыць асобу, пропуска, ручкі (гелевай або капілярнай) з чарнілам чорнага колеру, калькулятара (на ЦТ толькі па хіміі і фізіцы);
фальсіфікаваць даныя ў вобласці рэгістрацыі бланка адказаў;
уносіць інфармацыю ў бланк адказаў пасля заканчэння часу, адведзенага на выкананне педагагічнага тэста;
мяняцца месцамі, экзаменацыйнымі матэрыяламі, выкарыстоўваць дапамогу іншых асоб для выканання тэставых заданняў;
мець пры сабе сродкі сувязі (за выключэннем абітурыентаў, якія выкарыстоўваюць прылады мабільнай сувязі з праграмным забеспячэннем для кантролю стану здароўя), электронна-вылічальную тэхніку, фота-, аўдыя- і відэаапаратуру, даведачныя матэрыялы на любым носьбіце, пісьмовыя заметкі і іншыя прылады прыёму, захавання і перадачы інфармацыі, запісы, якія змяшчаюць тэставыя заданні, на любым носьбіце;
выносіць з аўдыторый і пункта правядзення ЦТ экзаменацыйныя матэрыялы, лісты для рабочых запісаў; пісьмовыя заметкі, запісы, якія змяшчаюць тэставыя заданні, на любым носьбіце;
фатаграфаваць экзаменацыйныя матэрыялы;
размаўляць паміж сабой, самавольна выходзіць з аўдыторыі;
выкарыстоўваць сродкі сувязі (за выключэннем абітурыентаў, якія выкарыстоўваюць прылады мабільнай сувязі з праграмным забеспячэннем для кантролю стану здароўя), сродкі аўдыя-, відэа- і фотафіксацыі ў пункце правядзення ЦТ.
Абітурыент, які парушае патрабаванні праходжання ЦТ, адхіляецца ад удзелу ў ЦТ па дадзеным вучэбным прадмеце.
1.9. Абітурыент можа выходзіць з аўдыторыі па ўважлівай прычыне (дрэннае самаадчуванне, фізіялагічныя патрэбы і іншае) падчас правядзення ЦТ толькі ў суправаджэнні арганізатара, які забяспечвае правядзенне ЦТ па-за аўдыторыяй. Пры выхадзе з аўдыторыі абітурыент пакідае экзаменацыйныя матэрыялы і лісты для рабочых запісаў на рабочым месцы ў аўдыторыі побач з дакументам, які сведчыць яго асобу. Час знаходжання абітурыента па-за аўдыторыяй уключаецца ў агульны час праходжання ЦТ па вучэбным прадмеце. Аб гэтым абітурыент папярэджваецца загадзя (да выхаду з аўдыторыі).
1.10. Пытанні абітурыентаў па змесце педагагічных тэстаў не разглядаюцца. Заўвагі абітурыентаў па змесце педагагічных тэстаў уносяцца ў пратакол правядзення ЦТ у аўдыторыі з указаннем нумара варыянта педагагічнага тэста, нумара задання і зместу заўвагі.
2. Правілы запаўнення бланка адказаў
2.1. Інфармацыя, унесеная ў бланк адказаў, апрацоўваецца камп’ютарам аўтаматычна, таму пры  запаўненні бланка адказаў неабходна дакладна выконваць устаноўлены парадак запаўнення бланка адказаў.
2.2. Унясенне інфармацыі ў бланк адказаў абітурыентам выконваецца толькі ў спецыяльна вызначаныя палі чорным чарнілам (гелевай або капілярнай ручкай). Кожнае поле запаўняецца пачынаючы з першай клетачкі. Клетачкі поля, якія засталіся, не запаўняюцца.
2.3. Лічбы і літары пішуцца ў адпаведнасці з узорамі напісання сімвалаў, размешчанымі ў верхняй частцы бланка адказаў (у інструкцыі да педагагічнага тэста). Выпадковыя паметкі недапушчальныя.
2.4. Вобласць рэгістрацыі бланка адказаў запаўняецца абітурыентам на той дзяржаўнай мове, на якой пададзена заява пры яго рэгістрацыі. Подпіс абітурыента не павінен выходзіць за рамкі абмежавальнай лініі. Прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку (калі такое ёсць) абітурыента, ідэнтыфікацыйны нумар уносяцца ў бланк адказаў у строгай адпаведнасці з запісам у дакуменце, які сведчыць асобу.
2.5. Вобласць адказаў складаецца з дзвюх частак: часткі «А» – для адказаў на тэставыя заданні з выбарам адказу з прапанаваных варыянтаў адказаў; часткі «В» – для кароткіх адказаў на тэставыя заданні без выбару адказу.
Частка «А» вобласці адказаў складаецца з гарызантальнага рада нумароў тэставых заданняў. Пад кожным нумарам тэставага задання размешчаны вертыкальны слупок з пяці клетачак для абазначэння выбранага адказу меткай.
Узор меткі (крыжык) прыведзены ў бланку адказаў. Лінія меткі не павінна быць тоўстай. Калі ручка пакідае занадта тоўстую лінію, замест крыжыка трэба правесці толькі адну дыяганаль клетачкі (любую). Забаронена выпраўляць метку графічным спосабам (заштрыхоўваць) або замазваць карэктавальнай вадкасцю.
Для ўнясення адказу абітурыент пад нумарам тэставага задання павінен паставіць метку ў тую клетачку, нумар якой адпавядае нумару выбранага ім адказу.
Адказы на тэставыя заданні часткі «В» вобласці адказаў неабходна запісваць справа ад нумара тэставага задання ў вобласці адказаў, прызначанай для кароткіх адказаў на тэставыя заданні.
Адказ даецца толькі ў кароткай форме (слова, словазлучэнне, спалучэнне літар і лічбаў, лічбаў або цэлы лік). Кожная лічба, літара або знак мінус (калі лік адмоўны) запісваюцца ў асобную клетачку.
Адказ, які складаецца з двух слоў, пішацца разам, без прабелу. Калі літар у такім слове акажацца больш, чым клетачак у полі адказу, то другую частку слова можна пісаць больш сцісла (не прытрымліваючыся пападання ў клетачкі). Слова неабходна пісаць поўнасцю.
Адказ (слова або словазлучэнне) даецца на мове і ў форме (род, лік, склон), якія вызначаюцца ўмовай тэставага задання. Арфаграфічныя памылкі ў адказе недапушчальныя.
Лікавы адказ у выглядзе дробу акругляецца да цэлага ліку па правілах матэматычнага акруглення.
Недапушчальна запісваць адказ у выглядзе матэматычнай формулы або выразу, указваць назвы адзінак вымярэння (градусы, працэнты, метры, тоны), даваць слоўныя загалоўкі або каментарыі да ліку.
2.6. Адмена памылковай меткі (частка «А») выконваецца ў полі адмены памылковых метак. У адным тэставым заданні можна адмяніць некалькі памылковых метак. Усяго можна адмяніць не больш за шэсць памылковых метак.
Для адмены памылковага адказу і ўказання правільнага неабходна:
адмяніць метку, адзначыўшы нумар тэставага задання і нумар памылкова выбранага варыянта адказу;
паставіць метку ў патрэбнай клетачцы слупка тэставага задання.
Адмене падлягаюць усе памылковыя меткі, паметкі, а таксама ўсе выпадкова пастаўленыя прочыркі, кропкі, штрыхі, іншыя графічныя знакі і/або відарысы.
Замена памылковых кароткіх адказаў на тэставыя заданні і ўказанне правільных адказаў (частка «В») выконваецца ў адпаведным полі. Для замены памылковага і ўказання правільнага адказу неабходна ўказаць нумар памылкова выкананага тэставага задання і запісаць правільны адказ. Адмяніць можна не больш за чатыры памылковыя адказы.
2.7. Выкарыстанне ненарматыўнай лексікі і іншае наўмыснае парушэнне ўстаноўленага парадку запаўнення бланка адказаў недапушчальнае.


У полі «Ідэнтыфікацыйны нумар»  указваецца ідэнтыфікацыйны нумар, а пры адсутнасці ідэнтыфікацыйнага нумара – даныя дакумента, які сведчыць асобу абітурыента (серыя (пры яе наяўнасці), нумар).

3. Рэзультаты ЦТ
3.1. Прэтэнзіі да рэзультатаў ЦТ па прычыне невыканання абітурыентам парадку запаўнення бланка адказаў не разглядаюцца. Не апрацоўваюцца і не правяраюцца запісы на педагагічных тэстах і паперы для рабочых запісаў, бланкі адказаў без указання прозвішча і (або) уласнага імя ўдзельніка ЦТ.
3.2. У выпадку выкарыстання ненарматыўнай лексікі і іншага наўмыснага парушэння ўстаноўленага парадку запаўнення абітурыентам бланка адказаў дадзеныя бланкі адказаў не падлягаюць апрацоўцы. Абітурыентам, якія дапусцілі дадзены від парушэння, сертыфікат не выдаецца.
3.3. Інфармацыю аб рэзультатах ЦТ можна атрымаць на сайце ўстановы адукацыі «Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў» rikc.by.
3.4. Абітурыент атрымлівае сертыфікат у пункце, у якім ён праходзіў ЦТ, пад подпіс у ведамасці выдачы сертыфікатаў ЦТ пры прад’яўленні:
дакумента, які сведчыць асобу;
дакумента аб адукацыі (атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, або дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі, або дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі);
пропуска з адзнакай «Тэсціраванне прайшоў». Пропуск забіраецца. У выпадку страты пропуска абітурыент падае заяву аб выдачы сертыфіката без прад’яўлення пропуска.

Жадаем поспехаў!

Кантакты

Адрас: пр. Партызанскі 26, корп. 3, каб. 140

Тэл.: +375 17 209 78 15 - Цэнтр даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі


Белорусский государственный университет культуры и искусств Белорусская медицинская академия последипломного образования Белорусский государственный медицинский университет Витебская ордена «Знак Почёта» государственная академия ветеринарной медицины Брестский государственный технический университет Брестский государственный университет имени А.С.Пушкина Витебский государственный ордена Дружбы народов медицинский университет Гомельский государственный университет имени П.О.Сухого Гродненский государственный аграрный университет Гродненский государственный медицинский университет Гродненский государственный университет имени Я.Купалы Могилёвский государственный университет продовольствия Мозырский государственный педагогический университет им. И.П. Шамякина Университет гражданской защиты МЧС РБ Могилевский институт МВД Академия управления при Президенте Республики Беларусь