Бібліятэка БДЭУ
Бібліятэка з'яўляецца адным са старэйшых структурных падраздзяленняў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і існуе з 1933 года - моманту заснавання Інстытута народнай гаспадаркі, папярэдніка БДЭУ. Наяўнасць спецыялізаванай бібліятэкі стала адным з важных фактараў, якія паўплывалі на прызнанне БДЭУ вядучай ВНУ рэспублікі ў галіне эканамічнай адукацыі.
Найбагацейшыя фонды бібліятэкі ўключаюць звыш 1 мільёна 300 тысяч выданняў: манаграфій, падручнікаў, вучэбных і метадычных дапаможнікаў, слоўнікаў, даведнікаў, дысертацый, аўтарэфератаў дысертацый, часопісаў і газет, як на папяровых, так і на электронных носьбітах. Створаны ўнікальны фонд эканамічнай літаратуры. Да паслуг чытачоў багатая калекцыя навукова-папулярнай, класічнай і сучаснай мастацкай літаратуры, літаратура для вольнага часу. Бібліятэкай карыстаюцца больш за 17 тыс. чытачоў, сярод якіх не толькі студэнты, аспіранты, магістранты, выкладчыкі і супрацоўнікі БДЭУ, навучэнцы і выкладчыкі каледжаў, але і спецыялісты навуковых устаноў, органаў кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый краіны, студэнты іншых ВНУ. Штодзённа яе наведвае каля 2 тыс. чытачоў. У структуры бібліятэкі 4 абанементы, 5 чытальных залаў, 6 тэхналагічных аддзелаў.
З канца 80-х г. 20 ст. у дзейнасць бібліятэкі ўкараняюцца камп'ютарныя інфармацыйныя тэхналогіі, што дазволіла дасягнуць новага ўзроўню бібліятэчнага забеспячэння дзейнасці ўніверсітэта. Аўтаматызаваны ўлік і апрацоўка новых выданняў, генеруюцца паўнатэкставыя і бібліяграфічныя базы даных. Пры абслугоўваннi чытачоў выкарыстоўваецца аўтаматызаваная бібліятэчная інфармацыйная сістэма "MARС-SQL".
У 2005 годзе створаны сайт ( http://library.bseu.by) з інфармацыяй аб структуры, рэсурсах і праектах бібліятэкі, пададзены факты з яе гісторыі. Акрамя таго, з сайта можна перайсці да анлайн-каталогаў кніг і артыкулаў, да старонак у сацыяльных сетках: Facebook, ВКонтакте, Instagram, Twitter, Одноклассники і YouTube.
Электронная бібліятэка БДЭУ http://edoc.bseu.by/ з'яўляецца адной з найбуйнейшых сярод інстытуцыйных рэпазіторыяў універсітэтаў Беларусі. У ёй прадстаўлены матэрыялы навуковых канферэнцый і семінараў, артыкулы з перыядычных выданняў універсітэта, патэнты, падручнікі, вучэбныя дапаможнікі і праграмы вучэбных дысцыплін, электронныя копіі друкаваных выданняў, электронныя вучэбна-метадычныя комплексы. Электроннай бібліятэцы БДЭУ ў 2017 годзе прысвоены міжнародны стандартны серыйны нумар ISSN 2522-1515. Чытачы бібліятэкі БДЭУ маюць доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў, паўнатэкставых навуковых і нарматыўна-прававых баз даных. Бібліятэка актыўна супрацоўнічае з беларускімі і замежнымі бібліятэкамі і інфармацыйнымі цэнтрамі. З'яўляецца ўдзельніцай міжнароднага карпаратыўнага праекта МАРС па абмене бібліяграфічнай інфармацыяй, ініцыятарам і каардынатарам беларускага праекта БелАР па аналітычным роспісе айчынных перыядычных выданняў. Вядзецца работа па павышэнні публікацыйнай актыўнасці навукоўцаў універсітэта. Ствараюцца і падтрымлiваюцца профілi вучоных БДЭУ ў Google Акадэміі, РIНЦ, праводзяцца навукова-практычные семінары і трэнінгі.
Сёння бібліятэка займае найважнейшае месца ў адзінай навукова-адукацыйнай прасторы ўніверсітэта, забяспечвае бібліятэчна-інфармацыйную падтрымку адукацыйнай і навуковай дзейнасці БДЭУ, садзейнічае патрыятычнаму, духоўна-маральнаму і культурнаму развіццю студэнцкай моладзі.
Тэл./факс: (+375 17) 209-88-16
ПРЫЁМНАЯ КАМІСІЯ
Тэл.: (+375 17) 209-88-99