21.02.2022
«КОЖНЫ НАРОД МАЕ ХАЦЯ Б АДЗІН ГЕНІЯЛЬНЫ ТВОР, І ГЭТЫ ТВОР – МОВА»
Так сказаў калісьці адзін выдатны беларускі паэт – Алесь Разанаў. Нацыянальная мова, родная мова, матчына мова сапраўды ёсць не толькі духоўным скарбам кожнага народа, яна ёсць яго найлепшым творам. Кожнае пакаленне піша гэты твор па-свойму – узбагачае… нават тады, калі не ведае і не думае пра гэта. “Пакаленнi народа адыходзяць адно за адным, але вынiкi жыцця кожнага пакалення застаюцца ў мове ў спадчыну нашчадкам. У скарбнiцу роднай мовы складае адно пакаленне за другiм плён глыбокiх сардэчных рухаў, плён гiстарычных падзей, вераваннi, погляды, сляды перажытага гора i перажытай радасцi, словам, увесь след свайго духоўнага жыцця народ беражлiва захоўвае ў народным слове. Мова ёсць самая жывая, самая багатая i трывалая сувязь, што злучае пакаленнi, якiя аджылi, жывуць сёння i будуць жыць, у адну велiчную гiстарычную, жывую цэласць. Яна не толькi выяўляе жыццёвасць народа, але i ёсць менавiта само гэтае жыццё,” – быў перакананы вядомы рускі педагог Канстанцін Ушынскі. Таму дзень матчынай мовы нам вельмі важны, як глыток свежага паветра.
Летась, залетась і пазалетась (ацаніце магчымасці роднай мовы!) мы ўшаноўвалі гэты дзень так. Сёлета хацелі б нагадаць нашым паважаным калегам і студэнтам, як нацыянальная мова адлюстроўвае моўную карціну свету праз імя беларуса. І тут не абысціся без словаў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча: “У дзяцінстве, ды і пазней, я звяртаўся да знаёмых мужчын так: дзядзька Змітрок, дзядзька Тодар, дзядзька Тамаш, дзядзька Аніс, дзядзька Акім, дзядзька Кастусь. Перамерлі гэтыя дзядзькі і іх імёны. Унукаў і праўнукаў імёнамі дзядоў ужо не называюць. Да знаёмых жанчын у дзяцінстве сваім я звяртаўся на роднай мове і ў духу нацыянальных звычаяў так: цётка Марыля, цётка Гілена, цётка Барбара, цётка Параска, цётка Рыпіна, цётка Луцэя, цётка Зося, цётка Еўка, цётка Тэкля… Адышлі на вечны супачын гаротніцы-цёткі, зніклі і іх імёны. Унучкам і праўнучкам яны не дасталіся… Нехта ў свой час пераканаў, што Марыля, або Гілена, або Зося – гучыць непрыгожа, некультурна. Зрэшты, пераканалі ўвесь народ, што яго імёны брыдкія, немілагучныя і што іх трэба памяняць на лепшыя. І пачалі мяняць. І напераменьваліся так, што ўжо нічога, ані знаку свайго не засталося. Па імені ўжо не пазнаеш, што перад табой беларус. Паляка пазнаеш, што паляк, літоўца пазнаеш, што літовец, армяніна пазнаеш, француза пазнаеш – у кожнага народа свае імёны, чаму ж не пазнаць. А мы сваіх імёнаў не маем, нас па імені не адрозніш… Але ж быў час, мілыя мае браткі беларусы, калі пазнавалі па імені і нас, грэшных. Пачуеш: Міхась, Юрась, Тамаш, Сымон, Антось, Язэп, Лукаш, Змітрок, Пятрусь, Абросім – ну, ясна, з Беларусі таварышы! Свет увесь пазнаваў і паважаў нас за гэта, што свае імёны мелі”.
Толькі зірніце, як па гучанні імені можна дакладна вызначыць і калі жыў чалавек (Іаан – Іван, Іаган – Ёхан), і адкуль ён прыехаў (Джэйкаб (Джэймс, Джым) – Англія, Жакоб (Жак) – Францыя, Джакамо – Італія, Дыега – Іспанія, Якуб – Беларусь, Якаў – Расія), і нават колькі чалавеку гадоў (Тэадор, Джон, Хуан – дарослыя, а Тэддзі, Джонні, Хуаніто – маленькія). А як бы гучалі беларускія імёны, згаданыя Нілам Гілевічам, у іншых краінах: Міхась – анг. Майкл; Сымон – анг. Сайман; Антось – анг. Энтані – фр. Антуан – іт. Антоніо.
Але найбольш, напэўна, вас уразіць палітра імёнаў самага распаўсюджанага хрысціянскага імя – Іаан. Вось, што дзеецца: бел. Янка, Ян, Ясь, Янак, Янук (жан. Яна, Яніна); рус. Іван, Ваня (жан. Іванна); укр. Івась, Івасык, Іванко; малд., рум. Іон, Іону; груз. Вано; арм. Аванэс; польск. Януш, Ян, Янэк; чэш., венг. Янаш, Гануш, Ганушэк; літ. Ёнас; лат. Яніс; балг. Ёан (жан. Ёванка), Іўко, Іўчо, Яні; харв. Іван; анг. Джон (ст.-анг. Айван, Айвэнга; жан. Джоан, Джэйн); шатл. Шон; ірл. Оўэн; ням. Ёган, Ганс; шв. Ёхан, Юхан; нарв. (шв.) Енс; фін. Юкка; эст. Яан; фр. Жан (жан. Жанна); іт. Джавані; ісп. Хуан; парт. Жуан; кіт. Чжуан, Янь.
Як добра, што кожны чалавек у гэтым свеце мае сваё непаўторнае аблічча. Праверце, наколькі вы ўважліва прачыталі словы класіка, адкажыце, калі ласка, на пытанні – праўда гэта была ці філалагічная забава.
Ці жадаеце вы ведаць свой беларускі… нік? Дзе шукаць? Дзеля пачатку варта пазнаёміцца з гісторыяй беларускіх імёнаў, пра якія першым сістэмна напісаў у 1918 г. Вацлаў Ластоўскі ў сваім артыкуле “Крыўска-беларускі іменнік”. Вытрымкі з гэтай працы, а таксама яшчэ шмат цікавага пра адметнасць беларускіх народных імёнаў увогуле чытайце тут. На гэтым рэсурсе вы знойдзеце інфармацыю пра гісторыю і сучаснасць нашых імёнаў, правілы іх вымаўлення, спіс імёнаў (у алфавітным парадку) і карысныя спасылкі на слоўнікі. Праўда, трэба адзначыць, што на самім рускамоўным сайце беларускія імёны часам падаюцца ўпярэмешку з украінскімі і рускімі. Для пэўнасці варта ўдакладняць гучанне свайго імя паводле беларускіх слоўнікаў, прыкладам, “Беларускія імёны” Сымона Барыса.
Надзвычай цікавым для чытачоў і слухачоў будзе знаёмства з беларускім імем у беларускай песеннай культуры. Ацаніце нашую са студэнтамі карпатлівую працу – запрашаем на караоке-імя па-беларуску. Кожная песня гучыць тут двойчы – спачатку можна адгадаць песню і імя (гучыць фрагмент без імені), а потым праверыць сябе (фрагмент з імем). Калі вы добра пазнаёміліся з беларускай песняй у гэтым відэа – праверце свае веды яшчэ ў дзвюх гульнях: частка 1 і частка 2, а таксама ў віктарыне-аўдыяванні. Дык хто ж касіў канюшыну ў знакамітай беларускай песні: Ясь, Алесь, Кастусь, Міхась? Прыемнага вам праслухоўвання, спаборніцтваў з сябрамі і пошуку сябе ў імені сваім.
Памятайце сваё ўнікальнае беларускае імя, каб ніякае моўнае забыццё нам ніколі не пагражала. Са святам матчынай мовы вас, дарагія сябры! Беражыце родную мову, як сваё імя, бо “кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова”.
Выкладчыкі кафедры беларускай і рускай моў БДЭУ
'




















Тэл.: (+375 17) 209-88-16,
факс: (+375 17) 368-01-60
ПРЫЁМНАЯ КАМІСІЯ
Тэл.: (+375 17) 209-88-99