22.03.2023
Круглы стол "Лацінаамерыканскі вектар у міжнародным супрацоўніцтве: эканамічныя і сацыякультурныя аспекты"
17 сакавіка ў Цэнтры лацінаамерыканскіх даследаванняў пры ФМБК БДЭУ адбылося традыцыйнае навуковае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычных місій краін Лацінскай Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь.
На гэты раз круглы стол прымеркаваны да юбілею БДЭУ, а таксама да 20-годдзя ФМБК, якое факультэт адзначыў у лістападзе 2022 года. Звяртаючыся да студэнтаў, якія вывучаюць іспанскую і партугальскую мовы, прарэктар па вучэбнай рабоце Вольга Анатольеўна МАРАЗЕВІЧ і дэкан факультэта Юлія Аляксандраўна ШАЎРУК падкрэслілі, што Цэнтр лацінаамерыканскіх даследаванняў БДЭУ унікальны, паколькі не мае аналагаў у нашай краіне. А магчымасць паразмаўляць з прадстаўнікамі дыпламатычных колаў беспрэцэдэнтная ў плане апускання ў нацыянальныя карціны свету такіх каларытных краін, як Бразілія, Куба, Венесуэла.
Удзельнікі навуковага круглага стала абмяркоўвалі асаблівасці эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця лацінаамерыканскага рэгіёна, а таксама стан і перспектывы супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Лацінскай Амерыкай. Загадчык кафедры міжнароднага бізнесу, эксперт ад Сусветнай гандлёвай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь Галіна Уладзіміраўна ТУРБАН у сваім выступленні закранула трэнды і перспектывы міжнароднага гандлю, адзначыўшы, што адкрыццё Цэнтра лацінаамерыканскіх даследаванняў садзейнічала росту цікавасці студэнтаў БДЭУ не толькі да вывучэння іспанскай і партугальскай моў, выбары тэматыкі курсавых і дыпломных работ. Гэта своеасаблівы адказ на актыўнае пашырэнне супрацоўніцтва нашай краіны з краінамі Лацінскай Амерыкі ў такіх сферах, як адукацыя, медыцына, навука, тэхніка, будаўніцтва, турызм, культура, IT-тэхналогіі і г.д.
Нельга не адзначыць культурную праграму мерапрыемства: у якасці музычнай паўзы прагучала кампазіцыя на іспанскай мове "La Lliorona" у выкананні студэнтаў універсітэта. Твор быў абраны не выпадкова: La Lliorona - адзін з ключавых фальклорных лацінаамерыканскіх персанажаў.
Дзякуем ганаровым гасцям за цікавасць да мерапрыемства, выказваем надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва і запрашаем усіх студэнтаў і выкладчыкаў БДЭУ да ўдзелу ў рабоце «Лацінаамерыканскага вектара» у наступным годзе!
Тэл.: (+375 17) 209-88-16,
факс: (+375 17) 368-01-60
ПРЫЁМНАЯ КАМІСІЯ
Тэл.: (+375 17) 209-88-99