28.08.2026
Рэктар БДЭУ Аляксей Ягораў прыняў удзел у Другой Нацыянальнай школе рэктараў
26–27 жніўня ў Мінску адбылася Другая Нацыянальная школа рэктараў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Парка высокіх тэхналогій.
На працягу двух дзён удзельнікі абмяркоўвалі актуальныя пытанні развіцця вышэйшай адукацыі ў рамках пленарных пасяджэнняў, панэльных дыскусій і выязных сесій.
У першы дзень работа Школы праходзіла на чатырох тэматычных пляцоўках.
На базе Белтэлерадыёкампаніі ўдзельнікі абмеркавалі пытанні медыягiгіены і выхавання моладзі ў лічбавым асяроддзі, а таксама стварэння маладзёжных рэдакцый на базе студэнцкіх медыяцэнтраў.
У Міністэрстве замежных спраў разгледзелі пытанні экспарту адукацыйных паслуг, інтэграцыі беларускіх ВНУ ў прастору БРІКС+, ШАС і ЕАЭС, а таксама падыходы да прыцягнення замежных студэнтаў.
На пляцоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі асноўная ўвага была нададзена камерцыялізацыі навуковых распрацовак, трансферу ўніверсітэцкіх тэхналогій у рэальны сектар эканомікі і ўзаемадзеянню ўніверсітэцкай і акадэмічнай навукі.
Праграма першага дня завяршылася ў Парку высокіх тэхналогій, дзе абмяркоўваліся пытанні этыкі штучнага інтэлекту, рэгулявання выкарыстання нейрасетак у адукацыйным працэсе і кібербяспекі ўстаноў вышэйшай адукацыі.
27 жніўня ўдзельнікі Школы наведалі Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. У рамках экскурсіі яны азнаёміліся з лабараторыямі, інжынернымі праектамі навучэнцаў і сучаснай адукацыйнай базай для апераджальнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў.
Завяршыла работу Школы пленарнае пасяджэнне пад кіраўніцтвам міністра адукацыі Андрэя Іванца і адкрытая дыскусія па выніках выязных сесій.
Тэмай Другой Нацыянальнай школы рэктараў у 2026 годзе стала «Універсітэт будучыні: апераджальная падрыхтоўка кадраў, тэхналагічны суверэнітэт, выхаванне ў лічбавым асяроддзі, экспартны патэнцыял вышэйшай школы».
У рамках Школы ўдзельнікі разгледзелі асноўныя выклікі, якія стаяць перад установамі вышэйшай адукацыі, і абмеркавалі падыходы да іх вырашэння з улікам доўгатэрміновых нацыянальных прыярытэтаў.
Па выніках работы была прынята Рэзалюцыя Другой Нацыянальнай школы рэктараў, а таксама сфарміраваны пакет упраўленчых рэкамендацый для кіраўнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.
У дакументах вызначаны асноўныя напрамкі далейшай работы, у тым ліку павышэнне эфектыўнасці навукова-даследчай дзейнасці, лічбавая трансфармацыя адукацыйнага працэсу, умацаванне кадравага патэнцыялу і пашырэнне экспарту адукацыйных паслуг.
























Тэл.: (+375 17) 209-88-16,
факс: (+375 17) 368-01-60
ПРЫЁМНАЯ КАМІСІЯ
Тэл.: (+375 17) 209-88-99