26.11.2026
БДЭУ прыняў удзел у Пасяджэнні Кітайска-Беларускай Асацыяцыі ўніверсітэтаў у Шанхаі
З 10 па 13 лістапада ў Шанхаі (КНР) праходзіла Пасяджэнне Кітайска-Беларускай Асацыяцыі ўніверсітэтаў. У склад дэлегацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта увайшлі начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення каардынацыі навучання замежных грамадзян Каляда Алена Уладзіміраўна і загадчык кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту ў прамысловасці Галавач Вольга Уладзіміраўна.
У рамках маштабнага мерапрыемства прадстаўнікі БДЭУ прынялі ўдзел у Кітайскай міжнароднай канферэнцыі па абмене талентамі, а таксама прадставілі БДЭУ на выставачнай экспазіцыі Асацыяцыі. Асноўнай мэтай удзелу стала развіццё і ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва, абмен вопытам і пашырэнне акадэмічных сувязяў.
Праграма візіту аказалася насычанай і прадуктыўнай. Пасяджэнне Кітайска-Беларускай Асацыяцыі ўніверсітэтаў стала важным імпульсам для развіцця далейшага супрацоўніцтва БДЭУ з двума кітайскімі ўніверсітэтамі – Харбінскім універсітэтам камерцыі і Універсітэтам Хэсі.
З Харбінскім універсітэтам камерцыі ўжо запланавана рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм па мадэлях 4+0 і 2+0. Візіт у Шанхай дазволіў абмеркаваць новыя напрамкі ўзаемадзеяння, а таксама перспектывы запуску новай сумеснай праграмы па «Сусветнай эканоміцы».
З Універсітэтам Хэсі БДЭУ ўжо паспяхова рэалізуе праграму ўключанага навучання па мадэлі 2+1+1. На палях пасяджэння бакі абмеркавалі запуск новай сумеснай адукацыйнай праграмы па мадэлі 2+2, што стане наступным крокам у пашырэнні акадэмічнага партнёрства.
Удзел выкладчыкаў БДЭУ ў рабоце Асацыяцыі і праведзеныя сустрэчы сталі яшчэ адной важнай прыступкай на шляху развіцця беларуска-кітайскага міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва, якая дазволіць вывесці на новы ўзровень сумесныя студэнцкія праграмы, абмен выкладчыкамі і навуковыя даследаванні паміж універсітэтамі дзвюх краін.


























Тэл.: (+375 17) 209-88-16,
факс: (+375 17) 368-01-60
ПРЫЁМНАЯ КАМІСІЯ
Тэл.: (+375 17) 209-88-99