19.02.2021

«Мова належыць усім, як сонца»

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты святочны дзень быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года для садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю.

БДЭУ з задавальненнем падтрымлівае гэтую міжнародную традыцыю правядзеннем Агульнаўніверсітэцкай дыктоўкі па-беларуску. Аднак гэтае мерапрыемства адрозніваецца ад звычайнага шкалярства – тэкст дыктоўкі чытае не выкладчык, а вядомыя ў галіне беларускай культуры асобы. Так, ганаровым госцем Агульнаўніверсітэцкай дыктоўкі ў 2019 годзе была народная артыстка Беларусi, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Таццяна Мархель: https://minsknews.by/buduchyiya-ekanamistyi-praveryili-yak-valodayuts-belaruskaya-movay/, а ў 2020 годзе – акцёр Купалаўскага тэатра Павел Харланчук:

Сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй фармат свята, на жаль, будзе зменены. Прапануем вам праверыць свае веды ў гісторыі беларускага этыкету, сваю выхаванасць, культуру слова і такт. Пасля знаёмства з матэрыялам пра беларускі маўленчы этыкет вы можаце выканаць вельмі цікавую віктарыну ў quizizz, падрыхтаваную студэнтамі БДЭУ пад кіраўніцтвам выкладчыцы Надзеі Старавойтавай.

Калектыў кафедры беларускай і рускай моў шчыра віншуе шаноўнае спадарства з Міжнародным днём роднай мовы. Няхай мова шануе і любіць вас!

Пра беларускія формы звароту

Агульнавядома, што ў рускамоўным асяроддзі прыняты зварот з імем па бацьку: Лявон Пятровіч, Яніна Мікалаеўна. А ці ведаеце вы, што ў беларусаў ветлівыя звароты зусім іншыя – спадар і спадарыня? І ніякага імя па бацьку! Упершыню гэтыя звароты апісаў Янка Станкевіч яшчэ ў 1940-я гады. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы 1999 г. фіксуе гэтыя словы як “формы ветлівага звароту да афіцыйных прадстаўнікоў або грамадзян сваёй ці іншых краін”. Але пайшлося гэта з далёкай мінуўшчыны – “Вялікім Гаспадаром” называлі Вялікага Князя Літоўскага, потым не адно стагоддзе форма бытавала з прыстаўным зычным і без: господар, осподар, спадар. Крыху пазней з’явілася ў мове высакародная спадарыня. У звароце да чалавека гэтая форма ўжываецца з імем: спадар Вітаўт, спадарыня Ядвіся. Калі вы некаму распавядаеце пра чалавека, то форма спадар далучаецца да прозвішча: спадар Міцкевіч, спадарыня Янішчыц. Аднак без імя ці прозвішча зварот спадар ужываць не варта. Зварот “Гэй, спадару!” нават набывае адценне вульгарнасці. Падобныя формы мае большасць еўрапейскіх народаў: англ. містэр – міс – місіс, фр. месье – мадэмуазель – мадам, ням. Гер – Фройляйн – Фрау, іт. сіньёр – сіньярына – сіньёра, ісп. дон – донья, польск. пан (бел. пан – рус. барин) – панна – пані, рус. гаспадзін – гаспажа. Трэба адзначыць, што своеасаблівы зварот да незамужняй дзяўчыны ў некаторых мовах ужо лічыцца архаізмам з прычыны эмансіпацыі жанчын і таму амаль не ўжываецца (як ням. Фройляйн). Сучасныя беларусы могуць назваць спадарыняй і незамужнуюю дзяўчыну. Колішнія формы звароту да незамужніх і нежанатых асоб спадарычня і спадарыч не маюць імператыўнага характару ў сучаснай мове, з’яўляюцца архаізмамі, аднак пры асабістым жаданні носьбітаў мовы яны могуць выкарыстоўвацца.


Як вітацца па-беларуску

Слова “Прывітанне”, нягледзячы на яго даволі шырокую распаўсюджанасць, лепей не ўжываць у беларускай мове, бо гэта тыповая калька з рускага слова “Привет”. Беларуская мова мае свае, нічым не горшыя адпаведнікі: “Здароў!” ці “Здарова!”. Згадайма Максіма Багдановіча: “Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі снег!” Але ж чаму спадар, з якім мы шчыра павіталіся словам “Здарова!”, можа пакрыўдзіцца? Бо мы абразілі ягоную мужчынскую годнасць! “Здарова!” можна казаць толькі прадстаўніцам жаночага роду, у дачыненні ж да мужчын неабходна ўжываць толькі слова “Здароў!” Падобную семантыку ветлівасці альбо абразы на падставе радавой дыферэнцыяцыі маюць і іншыя мовы: іт. Bravo! (Малайчына! – м. р.), Brava! (Малайчына! – ж. р.). Калі ў італьянскай оперы спявак пачуе ў свой адрас вокліч “Brava!”, гэта будзе азначаць поўны правал. Такім чынам, уявіце сабе: раніца, офіс і... “Здароў, Адась!”, “Мае вітанні спадарыні Гілене!” ці проста “Дабранак усім!”, “Дабрыдзень у хату!” Калі ж трэба павітацца больш афіцыйна – скажам проста “Вітаю!” ці “Вітаю шаноўнае спадарства”. Складана? Ані! Не за дзень Вільня станавілася!


Як папрасіць прабачэння?

А ці ўмеем мы правільна прасіць прабачэння? Здаецца, на першы погляд тут няма ніякай праблемы. Аднак не ўсё так проста. Выраз “Прабачайце!” ўжываецца ў мове толькі ў той сітуацыі, калі неабходна звярнуць на сябе ўвагу: “Прабачайце! Падкажыце, калі ласка, як праехаць да вакзала?” Калі вам больш звыкла “Прабачце!”, не забываймася на нормы літаратурнага вымаўлення: [Прабац’ц’э]. А вось калі вы выпадкова наступілі камусьці на нагу, спазніліся ці зазірнулі не ў тыя дзверы, можаце вымавіць: “Выбачайце, калі ласка!” Калі ж вы адчуваеце, што вашая віна перад чалавекам больш сур’ёзная – вы зрабілі камусьці несувымерна балюча, фізічна ці маральна… самі дадумайце сітуацыі, іх бясконцасць, – з вялікай спагадай ў голасе папрасіце: “Даруйце!” Калі ж вам неабходна перапыніць чыйсьці дыялог, бо вы збіраецеся ўдзельнічаць у размове і “свае тры грошыкі прыткнуць”, – упэўнена, але пры гэтым і далікатна кажыце: “Перапрашаю!” і ўступайце ў палілог. Ну а калі чалавек не рэагуе на вашыя словы ветлівасці ці, акрамя таго, кідае пагрозлівы позірк, не ўступайце у спрэчку – усміхніцеся пра сябе і падумайце (толькі не ўголас): “Грозен рак, ды ззаду вочы!” (“Не очень-то и испугались, не очень-то и страшно!”).


Што адказаць на “Дзякуй”?

“Дзякуй!” – вось насамрэч не калькаванае рускае слова, а этымалагічна зусім аддаленае ад рускага “спасибо” (“спаси Бог”). Вельмі даўні германізм Danke (анг. Thank) пашырыўся ў чэшскай, славацкай, польскай, украінскай і беларускай мовах. Толькі ніколі не кажыце “вялікае дзякуй!”, бо гэта дакладна калька з “большое спасибо”. Акрамя таго, нашая сардэчная ўдзячнасць ужо павінна быць шчырая і “маленькага дзякуй” не бывае!:) Таму беларусы ўжываюць як форму “Дзякуй!”, так і апісальныя выразы “Прымі, калі ласка, падзяку за…”, “Шчыры дзякуй!”, “Дазволь выказаць маю ўдзячнасць!” Нават калі ў вас з’явілася жаданне выказацца іранічна (рус. “Благодарю покорно!”), кажыце “Дзякуй вам за ласку!” або “Шчыры тлусты дзякуй!” (рус. “Большущее/Огромное спасибо”). Калі да такога спалучэння вы яшчэ не выспелі, скажыце проста: “Шчыры дзякуй!” Памятайма, што на “Дзякуй!” не адказваюць “Калі ласка!” Толькі “Няма за што!” (агульная форма), “На здароўе!” альбо “Расці вялікі!” (у звароце да дзіцяці). А “калі ласка” – гэта адно просьба: “Дазвольце, калі ласка!” ці “Дайце, калі ласка!”


Як ветліва пацікавіцца настроем суразмоўцы?

Таксама важна ўмець ветліва пацікавіцца станам і настроем суразмоўцы. І тут вельмі небяспечнай пасткай для нас ёсць русізм “Як справы?” У розных мовах ёсць свае ўнікальныя пытанні на гэты конт – яны ні ў якім разе не перакладаюцца даслоўна. Англічане кажуць “How are you?” Рускія   “Как дела?” А мы, беларусы, проста высвятляем “Як маецеся?” ці “Як маешся?” Увага на вымаўленне: [Jак маjэс’с’а]! Паходзіць такое пытанне ад зваротнага займенніка сябе: “Як маеш сябе?” Гэтаксама цікавяцца палякі (jak sie masz), чэхі (jak se mate), славакі (ako sa mas) і ўкраінцы (як ся маєш). Дарэчы, такія паралелі наводзяць на думкі пра большую блізкасць беларускай і ўкраінскай моваў з заходнеславянскімі. Як жа адказаць на такое пытанне, каб пазбегнуць доўгага маналогу пра ўсе свае праблемы? – “Сам пры сабе!” (рус. Хорошо! анг. ОК! – пры нармалёвым фізічным стане). “Нішто сабе!” (рус. Ничего!). Калі ж у вас усё добра, так і скажам: “Добра!”, “Выдатна!”, “Цудоўна!”. І памятайма, ніякіх “справаў” – у беларусаў на іх спарадзілася жартаўлівае: “Як справа, так і злева!”:)

Так, здаецца, што вы ўжо здольныя на:
– Вітаю, Арынка!
– Вітаю цябе, Ясь!
– Як маешся?
– Дзякуй! Вельмі добра! А як ты дуж-здароў?
– Дзякуй, някепска.


Чаго ж зычаць беларусы?

Думаем, неабходна растлумачыць, што значыць слова “зычыць” і чым яно адрозніваецца ад слова “жадаць”. Жадаюць – сабе, а зычаць – людзям! “Зычу/Зычым вам кахання, здароўя, шчасця, дабрабыту, ладу!” Чым жа тут адметныя беларусы? Перш за ўсё тым, што зычэнні ў Беларусі былі штодзённым правілам: калі б у даўнія часы хтосьці моўчкі абмінуў чалавека, які працуе, і не сказаў традыцыйнага “Памагай, Божа!” ці “Памагай Бог!”, дык яго палічылі б асобай нявыхаванай і хамаватай. Беларусы – добразычлівы народ і ў нас ёсць як такі агульны выраз, так і шэраг прыватных зычэнняў, адрасаваных прадстаўнікам розных відаў дзейнасці. Напрыклад, ваш муж-рыбак збіраецца на рыбалку, а вы, як выхаваная жонка, павінны сказаць яму: “Рыбно табе!” Збіраецца ён у грыбы – а вы яму ласкава: “Грыбно табе!” Як хочаце зусім любасна, дык карыстайцеся памяншальна-ласкальнымі формамі: “Рыбно табе, вашэцік/альясік мой!” (“Вашэць” – архаічная скарочаная форма звароту “Вашамосць”, а альяс ці альвас – рус. “алое”… такі вось ён у вас унікальны, што квітнее раз на сто гадоў!). Сачыце, каб на ўсе вашыя сардэчныя зычэнні ён ветліва адказваў: “Дзякуй, радачка/любачка/ясачка/зорачка/кветачка/зязюлька мая!”:) Памятайма, што прыметнікамі беларусы звярталіся адно да аднаго надзвычай рэдка: каханы, любы, мілы, адзіны, родны, дарагі. Дарэчы, выказванне “Рыбно вам!” ужываецца не толькі ў прамым сэнсе, а і ў пераносным, як беларускі адпаведнік вядомага рускага: “Ни пуха, ни пера!” – “К черту!” Гучыць тады так: “Рыбно вам!” – “Хоць не рыбна, ды юшна!” (каб хоць на юшку хапіла).

Гасціннасць беларусаў, шчырае жаданне дагадзіць, пачаставаць – абавязкова з зычэннямі “Смачна есці!” (калі ямо) або “На здароўе!” (калі наталяем смагу) – часам можа насіць і ласкава-прымусовы характар. Але, здаецца, кожнаму даспадобы прыйдзецца беларускае: “Не п’еш – хлебам макай!”

Нашым жа студэнтам цікава ды карысна будзе ведаць не толькі сучасны беларускі слэнг: “Віт!”, “Вітанкі!”, “Пакуль!”, “Дзяка!”, але і адмысловае беларускае зычэнне-кленіч перад іспытам: “А каб цябе цяміла!” Нялішне і памаліцца перад іспытам нашым класікам: “Янка Купала, як я прапала! Якуб Колас, пачуй мой голас!” А самы верны шлях да поспеху – шчыра вучыцца, а не “пісаць шпакі” (“шпоры”), бо “халява” хоць і чыста беларускае слова, але ў залікоўках не прыжылося: “Шчасце – не цукерка, само ў руку не ляжа!”

Падрыхтавалi Надзея Старавойтава i Вольга Губская

А цяпер праверце свае веды ў беларускім маўленчым этыкеце паводле віктарыны:

https://quizizz.com/join/quiz/5ea7f6f3d6ef47001bfd3fbc/start?referrer=5ea7f65f542dac001b89b0cb

Фото взяты из открытых интернет-источников

Папярэднія падзеі

Каляндар падзей


Белорусский государственный университет культуры и искусств Белорусская медицинская академия последипломного образования Белорусский государственный медицинский университет Витебская ордена «Знак Почёта» государственная академия ветеринарной медицины Брестский государственный технический университет Брестский государственный университет имени А.С.Пушкина Витебский государственный ордена Дружбы народов медицинский университет Гомельский государственный университет имени П.О.Сухого Гродненский государственный аграрный университет Гродненский государственный медицинский университет Гродненский государственный университет имени Я.Купалы Могилёвский государственный университет продовольствия Мозырский государственный педагогический университет им. И.П. Шамякина Университет гражданской защиты МЧС РБ Могилевский институт МВД Академия управления при Президенте Республики Беларусь